ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,
асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)